Моцны - интернет-портал > Учится > Все для галочки > КАГО АЦЭНЬВАЕ ЭКЗАМЕН?

 

КАГО АЦЭНЬВАЕ ЭКЗАМЕН?

Аўтар: Стася з-пад Смаргоні

КАГО АЦЭНЬВАЕ ЭКЗАМЕН?
Крыніца: https://ya2018.com/

Канец навучальнага года — гарачая пара і для вучняў, і для настаўнікаў. Апошні званок, экзамены, выпускны вечар.

Для такой насычанай пары  школьнага жыцця і навіны павінны быць самыя гарачыя. Такія, што аж у жар кідаюць.

Менавіта такую навіну падкінула нам намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце на чарговай вытворчай нарадзе. Яна азнаёміла нас са шматлікімі палажэннямі і інструкцыямі па арганізацыі выпускных экзаменаў і закончыла сваю прамову такім папярэджаннем:
– Помніце, што экзаменацыйная адзнака павінна максімальна адпавядаць гадавой.

Гэта яшчэ што!  У суседняй школе завуч сказала даслоўна наступнае:
– Рабіце, што хочаце, але гадавыя і экзаменацыйныя адзнакі павінны зысціся на 100%.

Як бачыце, нам пашыхавала больш, бо слова «максімальна» можа азначаць і 99 %, і 98 %, і магчыма нават 97 %. А ўжо калі 100, то тут не выкруцішся.

КАГО АЦЭНЬВАЕ ЭКЗАМЕН?
Фота аўтара

Паўстае лагічнае пытанне: каго ацэньвае экзамен? Вучняў ці настаўнікаў, якія павінны выконваць неверагодныя распараджэнні? І яшчэ адна думка.

А навошта тады экзамены, калі іх вынік загадзя вядомы і роўны гадавым адзнакам?

Уявіце, некалькі членаў экзаменацыйнай камісіі і цэлы клас выпускнікоў пяць гадзін пішуць кантрольную работу па матэматыцы… Гэта ж колькі часу і сіл марнуецца дарма! Ды гэтакай брыгадай можна было б столькі буракоў у калгасе прапалоць ды грошай для школы зарабіць.

Другую гарачую навіну паведамілі калегі-гісторыкі. Яны бедныя папалі пад двайны абстрэл. Бо ім загадана, каб гадавая адзнака па сусветнай гісторыі зыходзілася з  гадавой па гісторыі Беларусі. Ой, як загаманілі-заспрачаліся гісторыкі! А ім у адказ аргумент:  раз міністэрскае інструктыўна-метадычнае пісьмо (ІМП) па сусветнай і беларускай гісторыі друкуецца ў адным і тым жа нумары «Настаўніцкай газеты», то гэта азначае, што канцэптуальна гэта адзін прадмет. Мяркую, што і мне прыйдзецца хутка выстаўляць аднолькавыя адзнакі па мове і літаратуры, бо наша філалагічнае ІМП таксама друкуецца ў адным нумары «Настаўніцкай».

КАГО АЦЭНЬВАЕ ЭКЗАМЕН?
Фото автора

Цікава, на якіх нарматына-прававых дакументах грунтуюцца падобныя указанні? Перагарнула Кодэкс аб адукацыі — нічога не знайшла. Можа, чагосьці не заўважыла праз свае акуляры?

І яшчэ. Не магу адбіцца ад думкі, што гэта нейкія дыверсанты падкінулі ў наш раённы аддзел адукацыі тыя гарачыя навіны. Ці раённыя чыноўнікі і ёсць тыя дыверсанты? Бо тое, што робіцца ў школах нашага раёна, іначай чым дыверсія, назваць нельга. Маю надзею, што ў іншых раёнах Беларусі адукацыўны працэс арганізаваны намнога лепей. Напішыце, шаноўнае спадарства. Ад душы за вас парадуюся.