Моцны - интернет-портал > Творит > Поэзия > У СЦЕЖЦЫ ПАД НАГОЙ — ДАРОГА Ў ВЕЧНАСЦЬ

 

У СЦЕЖЦЫ ПАД НАГОЙ — ДАРОГА Ў ВЕЧНАСЦЬ

Аўтар: Настасся Нарэйка

У СЦЕЖЦЫ ПАД НАГОЙ — ДАРОГА Ў ВЕЧНАСЦЬ
Фота аўтара

Паэтка Настасся Нарэйка — выпускніца Маладзечанскай беларускай гімназіі, дзе выкладанне вялося выключна на беларускай мове, і Інстытута журналістыкі БДУ.

Пішу выключна па-беларуску, бо рабіць гэта можна толькі на той мове, на якой гаворыць душа…

Я засынаю, седзячы над кнігай
Ці вышываннем бляклым, неадменным,
Пад абразамі з позіркам сумленным,
А сніцца мне крывавая Няміга.

Прачнуся, і ад цёплае старонкі
Ці тонкае, расшытае тканіны
Становіцца аж моташна. Гадзіны
Сплываюць, асыпаюцца, як гронкі.

Салодкі бэз! Якая недарэчнасць
У маі бачыць снег у кветках белых,
У маках – кроў магутных вояў смелых,
У сцежцы пад нагой – дарогу ў вечнасць.

Я чорная зняволеная панна.
І мой Нясвіж згарэў. І камень плача.
І зноўку паражэнне, зноў няўдача.
І недзе бітва ў далечы туманнай.

Я кіну кнігу! Кіну вышыванне!
Ад думак за работай не схавацца.
Чакаць яго – мая святая праца.
Не прычакаць – маё наканаванне.

А потым напаўзае ноч, бы крыга.
І немагчыма выбрацца. Дарэмна.
І абразы глядзяць у змрок турэмны.
І сніцца мне бясконцая Няміга.