Моцны - интернет-портал > Творит > Поэзия > КОЖНЫ ТВОЙ КРОК — ПАЭЗІЯ

 

КОЖНЫ ТВОЙ КРОК — ПАЭЗІЯ

Аўтар: Вольга Івалга

КОЖНЫ ТВОЙ КРОК — ПАЭЗІЯ
Фота аўтара

Вольга Нікіценка (Івалга) — сямнаццацігадовая паэтка з Віцебска. Лічыць, што жыццёвыя з’явы і падзеі надзелены сваёй унутранай прыгажосцю і вартыя адлюстравання ў паэзіі. У вершах яна стварае незвычайныя вобразы, размываючы межы рэальнага свету і фантазіі.

Мой дом, бывай!

…І паўстануць дажджы адказам,
Заплача машына балючым даўгім гудком.
І грукне багажнік, як кропка ў канцы расказу.

Бывай, мой дом.

Мы некуды едзем бясконцымі заваротамі,
Па змытай дарозе прасоўваемся ледзь-ледзь.
Раённае радыё скардзіцца перашкодамі,
Але і без іх анічога не зразумець.

А недзе кватэра прыснула ў ружовых шторах.
Чакае, пакуль удыхну навасельны пах.

Прададзена хата.
Я хутка прыеду ў горад
І, можа, забуду яе састарэлы дах.

Напэўна, забуду пра ганак, калодзеж, поўню,
Што цьмяна глядзіць у блакітны вячэрні сад.
Лягчэй не прыгадваць.
Здаецца, прасцей не помніць.

Мой дом, выбачай!
Бо дарогі няма назад.

І кроплі сцякаюцца стужкай буйнога срэбра,
Зрываюцца хмары за морачны небакрай…
Мы едзем кудысьці, куды мне зусім не трэба.

Мой дом, бывай.

КОЖНЫ ТВОЙ КРОК — ПАЭЗІЯ
Фота аўтара

«Натхніць мяне можа што заўгодна, — кажа Вольга. —

Я пішу пра жыццё, маляўнічасць прыроды, адносіны людзей і іх патаемныя пачуцці, перажыванні…

Мне хочацца, каб праз мае вершы кожны чалавек пабачыў звычайныя рэчы з новага боку, крыху лепш зразумеў сябе і навакольны свет. Таксама мяне хвалююць праблемы адзінокай асобы, людей старэйшага пакалення. Мая творчасць можа быць прытулкам для тых, каму блізка тое, аб чым я пішу. Я шчыра дзялюся з чытачамі сваімі думкамі, вопытам і той прыгажосцю, якую заўважаю».

У цяперашні час рыхтуецца да выдання дэбютная кніга Вольгі «Сузор’е птушкі».

Світальнае

Не адляцець бы на самае донне суму!..
Волкую цемру роспачна п’юць кáні.
Мара адна
Узыходзіць над светам тлумным.
Сэрца маё
Мае колер світання.

Дрэвы трымцяць на сіверы багавіннем,
Ноч уздыхне ды прыцішыць на час гаркоту.

Сонца агністае,
Я цябе бачу там, дзе
Будынкі закрылі спінамі гарызонты!

Дзе паўтаралі: «Нічога не засталося» , —
І замірала жыццё, бы ў руінах — вецер,
Прага вышыняў прыйдзе забытай госцяй,
Велічнай моцай сотні дарог расквеціць.

КОЖНЫ ТВОЙ КРОК — ПАЭЗІЯ

Чытай
Верш.

Ліхтарным слупам,
Вуліцы
З прахалодай ад сцен будынкаў,
Начному асфальту ў няяркіх агнях-іскрынках
Чытай
Верш.

Голасам гучным, сарваным у вечных сварках,
Моўчкі, вачамі глытаючы цемру паркаў,
Хаваючы ў куртцы
Зорку, яшчэ жывую!

Чытай, калі ласка.
Ты толькі чытай, чуеш?

Крокам па кроку, без страху
І без аглядкі,
Па тратуарах, нябёсах празрыста-вадкіх,
Цераз кустоўі і за гарызонты — пешшу!
Кожны твой вусціш аднойчы паўстане
Вершам…

Нават калі, саступіўшы з галоўнай тэмы,
Сэрца, згубіўшыся, квола спытае:
«Дзе мы?» —
Ты не зважай
І наперад глядзі з любоўю.
Кожная горыч — маленькае двухрадкоўе,
Сіняя хмарка на вейцы тваёй паэмы.

Чытай
Верш —

Словамі, позіркам, самай патрэбнай справай,
Зведай дарогі, сузор’і, лясы і травы,
З верай спяшайся за марай —
Дзіўной гарэзай!..

І зразумееш, што кожны твой крок —
Паэзія.