Моцны - интернет-портал > Творит > Творчество > 36 КАДРАЎ — 36 СПРОБ ЗЛАВІЦЬ МОМАНТ ЖЫЦЦЯ

 

36 КАДРАЎ — 36 СПРОБ ЗЛАВІЦЬ МОМАНТ ЖЫЦЦЯ

Аўтар: Юлія Гайчук

36 КАДРАЎ — 36 СПРОБ ЗЛАВІЦЬ МОМАНТ ЖЫЦЦЯ
Ліпеньскі золак

Размаўляла Яўгенія Есько

Фота Юліі Гайчук

Крок 1. Знайдзі ў сацсетках Юлію Гайчук @gjulphoto
Крок 2. Паглядзі ўсе-ўсе яе фатаграфіі.
Крок 3. Атрымай задавальненне і натхненне.
Крок 4. Чытай інтэрв’ю.

36 КАДРАЎ — 36 СПРОБ ЗЛАВІЦЬ МОМАНТ ЖЫЦЦЯ
Чароўны пах

Прывітанне, Юля! Спачатку хацелася б павінашаваць цябе з перамогай у конкурсе «БДУ у тваім фармаце» (2019) ў намінацыі «Ліца БДУ». Малайчына, што праславіла родны факультет:)
Зараз ты атрымала дыплом. Як настрой перад уваходам у дарослае жыццё?

Прывітанне! Дзякуй, сама не чакала, што такое можа адбыцца. Вельмі прыемна… Насамрэч, сумны настрой, бо гэты бесклапотны, вясёлы, поўны прыгод перыяд жыцця скончыўся. Зараз патрэбна вырашаць складаныя, дарослыя пытанні, а так не хочацца…

36 КАДРАЎ — 36 СПРОБ ЗЛАВІЦЬ МОМАНТ ЖЫЦЦЯ
Абуджэнне

Раскажы пра сваё захапленне фатаграфіяй? З чаго ўсё пачалося?

Я заўсёды марыла пра фотаапарат, але неяк усё не атрымлівалася. Мой сябар Васіль прывёз з дома пленачны ФЭД, як жа было цікава ў ім разабрацца, пакруціць усё, пашчолкаць. Год назад набыла старэнькі Зеніт-Е 1977 г. І ўсё! Мяне зацягнула, хацелася спрабаваць і спрабаваць, 36 кадраў — 36 спроб злавіць добры момант. Чакаць фатаграфіі пасля праяўкі гэта самае складанае: ты ці расчараваны, ці задаволены, што ўсе ідэі ажылі і ты зможаш кагосьці парадаваць. Неаднаразова казала сабе: хопіць, ужо не атрымліваецца, грошай шмат ідзе, развіцця няма, трэба кідаць… Але калі ідзеш, ці едзеш куды-небудзь абавязкова будзе думка «які быў бы класны кадр», таму фотаапарат заўсёды пад рукой.

Палац Тышкевічаў. Лагойск
Успамін
(Рэшткі палаца Тышкевічаў. Лагойск)

Як iдуць справы з плёнкавай фатаграфіяй у Мінску?

Справы ідуць цудоўна, ёсць шмат месц, дзе можна праявіць плёнку і атрымаць кансультацыю. Самае знакамітае месца — аналагавая прастора «Фотасквот». Яе стварылі сем сяброў тры гады назад, якія былі апантаны ідэяй збліжэння ўсіх зацікаўленых пленкавай фатаграфіі. Лекцыі, майстар-класы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, кінапрагляды, курсы — гэта ўсё можна знайсці ў Фотасквоце. Аднадумцы ёсць нават і на нашым факультэце, што радуе, заўсёды можна пагаварыць і падзяліцца.

Што цябе натхняе?

Сябры, падарожжы, кнігі.

Эрмитаж. Санкт-Петербург.
Пад дахам Эрмітажа

Чые працы для цябе эталон?

Вельмі падабаюцца працы Себасцьяна Сальгадо, бразільскага дакументальнага фатографа. Ён наведаў больш за 100 краін свету, у якіх збіраў матэрыял для сваіх праектаў. Яшчэ французскі фатограф Анры Карцье-Брэсон — адзін з першых заходніх журналістаў, які атрымаў дазвол фатаграфаваць звычайных савецкіх людзей.

Збіраешся перайсці на прафесійны ўзровень?

Так, хачу. Шмат людзей пытаюцца, ці магу я паздымаць, але не заўседы атрымліваецца знайсці вольны ад працы час.

36 КАДРАЎ — 36 СПРОБ ЗЛАВІЦЬ МОМАНТ ЖЫЦЦЯ
Блакітная ростань

Ты нарадзілася ў выдатным мястэчку Воўпа. Прасвятлі нашых чытачоў аб гэтым месцы, калі ласка.

Воўпа знакавая мясціна Беларусі з багатай гісторыяй. Кожны, хто загляне ў мястэчка зверне ўвагу на велічны драўляны касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў стылі позняга барока, найбольшы з усіх драўляных касцёлаў Беларусі. Захапляе і знакаміты галоўны алтар, які выкананы ў XVII ст. у стылі беларускага барока. У XVIIІ ст. была пабудавана драўляная сінагога, шэдэўр драўлянага дойлідства, але на жаль яна была знішчана пад час Вялікай Айчыннай вайны. З Воўпай звязаны і знакамітыя людзі: Мікалай Гусоўскі, Стэфан Баторый, Ян Казімір Ваза, Эліза Ажэшка, Ларыса Геніюш.

36 КАДРАЎ — 36 СПРОБ ЗЛАВІЦЬ МОМАНТ ЖЫЦЦЯ
Нёманскі куточак

Бліц-апытанне:
Твая галоўная рыса?
Спагадлівасць.
Каго з выкладчыкаў ці студэнтаў гістфаку ты б хацела сфатаграфаваць?
Такіх людзей шмат, але калі я хачу сфатаграфаваць, то я гэта зраблю:)
Калi б не сабой, кiм бы ты хацела быць?
Толькі сабой!