Моцны - интернет-портал > Творит > Поэзия > «УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»

 

«УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»

Аўтар: Альгерд Бахарэвіч

Яго творчасць здзіўляе і захапляе. Яго асоба нярвуе і раздражняе. Ён не пакіне вам шанец застацца абыякавым. Паўночны блюз ад ALHIERD BACHAREVIČ у люстэрку выяў Герхарда Рыхтэра.

«УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»
Марскі пейзаж, 1970

1.

Усе знаёмыя мне людзі дзеляцца на
Тых, каго я люблю — гэта самая маленькая група.
Дый ня група зусім, бо сабраўшы іх разам і сяк-так рассадзіўшы ў нашай
маленькай кватэры,
Я рызыкаваў бы страціць палову зь іх,
А можа і болей.
З тымі, каго любіш, лепш сустракацца бязь сьведкаў.
Сам ня ведаю, чаму я люблю іх,
Бо яны і павагі вартыя, і падзякі,
І нават абдымкаў.
Але любоў — гэта нешта іншае.
Паасобку і ў парах я кожнаму зь іх рады
І кожнага зь іх гатовы чуць, бачыць і выслухаць
У любых абставінах, калі гэта і праўда абставіны,
а не напад на сьвятую маю адзіноту.
І калі нехта зь іх памрэ,
Я буду плакаць, і ўспамінаць, і дакараць сябе,
І зьдзіўляцца, як жа так выйшла,
Што я іх сустрэў,
Хоць зусім не зьбіраўся,
І шукаць іх сьляды ў складках свайго жыцьця.
Іх вобмаль — але і мяне самога зробіцца меней,
Калі сэрца некага зь іх перастане біцца.

«УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»
Маторная лодка, 1965

2.

А яшчэ ёсьць такая вялікая катэгорыя:
Тыя, каго я паважаю
За іхную працу ці за пазыцыю.
Ці проста за вольную паставу.
Зь такімі бывае прыемна сустрэцца,
Але бывае, што й ня хочацца,
Нават часьцей бывае, што ня хочацца,
Але мы сустракаемся.
Ды і яны, скажам шчыра,
ня надта ўжо рвуцца мяне пабачыць.
Бо хто я такі. Проста трапіўся па дарозе.
А мог бы трапіцца і нехта лепшы.
Людзі, вартыя павагі,
Прымаюць правілы чужой гульні
І перамагаюць,
Каб усталяваць свае.
Гэта ня мой шлях.
Але калі ўсё ж нам трэба сустрэцца,
Такой бяды.
Мы бярэм і сустракаемся,
І час знаходзіцца, і ахвота, і радасьць спатканьня.
І кава, піва, віно, пусты столік
І словы, каб не маўчаць.
А ня знойдзецца, дык і добра,
Хай словы ляжаць і чакаюць,
Хай столік займаюць іншыя.
Бывае, што мы й ня бачыліся зь імі ніколі,
А ўсё роўна я іх паважаю,
А сустрэліся б нарэшце — дык яшчэ невядома,
Куды б я іх прыпісаў, вяртаючыся ўначы дадому,
Трохі п’яны і з поўным мачавым пухірам ідэяў,
Дзелячы людзей на групы і катэгорыі,
Бо нас уратуюць толькі
каталягізацыя і інвэнтарызацыя.
Няспынныя і дакладныя.
Толькі ў іх праўда.
Толькі ў іх справядлівасьць.
Толькі так і можна судзіць людзей:
Паводле законаў Старое бібліятэкі.

«УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»
Фолкер Брадке, 1966

3.

А яшчэ ёсьць тыя, каго паважаеш,
Але з кім зусім ня хочацца сустракацца.
Дастаткова проста чытаньня іх тэкстаў
І іх сумленных паводзін сярод мярзоты.
І ты баішся толькі аднаго —
Асабістага зь імі знаёмства.
Вось прыпрэ такому чалавеку і ён табе напіша ў прыват.
Што ты яму цікавы. І чакае словаў у адказ.
А ты зусім не гарыш жаданьнем
Ні бачыць яго, ні чуць.
Ніякіх збліжэньняў!
Табе хапае таго, што ён ёсьць.
Дый не было б яго — знайшліся б такія іншыя.
Цікавых людзей у сьвеце процьма.
Цэлую кватэру можна запоўніць.
Калі скарыстаць балькон і лазенку
І пусьціць на кухню самых сумленных.
Каталягізуй! Катастрафізуй!
Інвэнтарызуй і зымправізуй!
Ідэалізуй! Ерагліфізуй!
Толькі не спрашчай,
Так кажу я сабе,
Седзячы за шафай.

«УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»
Натоўп, 1965

4.

Існуе яшчэ адна даволі вялікая грамада —
Тыя, хто мае заслугі
Перад незнаёмымі мне людзьмі.
Чамусьці іх ня хочацца ні бачыць, ні чуць,
Ні чытаць.
Я ведаю іх імёны
Дзякуючы іх заслугам
І ведаю іх заслугі
Дзякуючы іх імёнам.
У прынцыпе, я ня супраць.
Майце сабе на здароўе
Свае заслугі.
Але я тут прычым?
У той момант, калі іх учынкі
Рабіліся заслугамі,
Я вырашаў важныя пытаньні:
Думаў,
што сказаць тым, каго люблю.
Мне ў той момант было не да нечых заслуг
І ўвогуле не да чужых учынкаў.
А пасьля раз — і яны ўжо з заслугамі.
І ўсе пра іх размаўляюць.
А словы, якія я шукаў,
так і ня знойдзеныя.
Можа, я ніколі і не знайду іх,
Патрэбных словаў для тых, каго люблю.
Я вось ніякіх заслуг ня маю,
Таму мне цяжка з заслужанымі.
Бо я ня ведаю, пра што зь імі гаварыць.
Яны чагосьці чакаюць. Але чаго?
Божа, чаму на іх тварах заўсёды чаканьне і крыўда.
А не, напрыклад, боль, сорам або бессаромны экстаз.
Яны як каровы — а я чалавек гарадзкі,
Я ня ведаю, што рабіць, калі апынаюся побач з каровай,
Што мірна жуе траву.
Не пагладзіш, не пагаворыш, на рукі ня возьмеш.
Ня скажаш ёй: “Кошка!”
Але карова — гэта гучыць прыгожа.
Але карову не аспрэчыш.
Хіба што пашкадуеш.
Бо ёсьць за што.

«УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»
Матросы, 1966

5.

Але вось і наступная група —
Тыя, пра каго кажуць,
што яны маюць вялікія заслугі.
Але я як ні ўзіраюся,
Нічога такога ня бачу.
Ніякіх заслуг.
Бо тое, што яны называюць заслугамі —
Проста страх маладых перад уласнай старасьцю.
Проста пажада старых да маладых целаў,
Проста гісторыя, вось і ўсё.
Жывыя сьведкі часу —
Так іх завуць у твар.
(О Ра, чаму я ня зборшчык падаткаў,
Чаму не наглядчык у лягеры,
Чаму не бухгальтар на танкавым заводзе).
Я перазнаёміўся з мноствам заслужаных людзей.
Зь імі трэба часам сустракацца.
Так мяне пераконвалі.
“Ад іх ты можаш падзарадзіцца
Заслугамі”, — казалі мне.
“Пацісьнеш руку такому важнаму чалавеку
І будзеш суткі хадзіць і думаць, разглядваючы далонь:
“І я буду такім! Варта толькі крыху паднаціснуць”.
Так мне казалі тыя,
Хто ня меў заслугаў,
Але хацеў бы.
Хвалі заслужаных людзей!
Што табе, цяжка?
Я хвалю вас, людзі з заслугамі,
Хоць і ня ведаю, у чым яны.
Малайцы! Ура! Слава вам, заслужаныя людзі.
І нізкі паклон.
Мне і праўда лёгка напісаць яшчэ адно слова.
Толькі наўрад ці яно вам дапаможа.

«УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»
Тэлефаніст, 1965

6.

Ёсьць і іншыя групы.
Тыя, кім я пагарджаю.
Ну, пра гэтых і пісаць няма чаго.
Інакш якая ж гэта пагарда.
Ёсьць тыя, каму я зычу сьмерці.
Так, ёсьць такія людзі,
І нічога тут не папішаш.
Напісаць, зрэшты, можна,
Але толку. Яны ўсё роўна не прачытаюць.
Яны і не падазраюць пра маё існаваньне.
Яны зьбіраюцца жыць доўга.
Чамусьці менавіта яны зьбіраюцца жыць доўга.
А зусім ня тыя, каго я люблю
Ці хаця б паважаю.
А яшчэ ёсьць знаёмыя знаёмых.
А яшчэ ёсьць проста людзі.
Як жа шмат мёртвых
Сярод тых, каго я люблю.
І як шмат жывых
Сярод тых, каго ненавіджу.
Проста людзі.

«УСЕ ЗНАЁМЫЯ МНЕ ЛЮДЗІ ДЗЕЛЯЦЦА НА…»
Закаханыя ў лесе, 1966

7.

Проста
Пастарэлы бюракрат з душой паэта
Сядзіць надвячоркам за шафай і піша:
Усе людзі дзеляцца на гэтыя дзевяць катэгорый.
На дзевяць катэгорый, чуеш,
І на цябе.
Я гляджу на цябе
і дагэтуль ня ведаю,
куды цябе залічыць.
І навошта.
І што гэта значыць.
І што будзе значыць,
І што будзе з намі,
Калі ўсё скончыцца.
І што мне сказаць табе
Каб апісаць дакладна
Каб ты зразумела,
Каб у цябе ня ўзьнікла нават сумневу,
Каб словы сказалі табе толькі гэта, самае важнае:
Як мне добра і дзіўна з табой удваіх
У гэтай старой бібліятэцы
На ўскраіне горада
падчас дажджу.