Моцны - интернет-портал > Творит > Проза > «НЕ СМЕЙСЯ, КАЛІ ПЛАЧА ВОРАГ ТВОЙ…»

 

«НЕ СМЕЙСЯ, КАЛІ ПЛАЧА ВОРАГ ТВОЙ…»

Напярэдадні юбілею з выдатным драматургам, спектаклі якога дзесяцігоддзямі не сыходзяць са сцэны тэатраў, старшынёй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР АЛЯКСЕЕМ АНУФРЫЕВІЧАМ ДУДАРАВЫМ пагутарыў Аляксандр Паршанкоў.

Алексей Дударев драматург
Аляксей Дудараў
Аляксей Дудараў
Фота народнага мастака Беларусі Івана Міско

Як паўплывала на вас пандэмія, можа, нешта дала для роздумаў ці новых твораў?

Яна дала не толькі мне, але і ўсім нам без выключэння. Паказала нам, дзе сапраўдныя каштоўнасці. Паказала ўзровень нашай веры. Мы малаверы. Той, хто па-сапраўднаму верыць глыбока, той смерці не баіцца. У Таркоўскага:

На свете смерти нет.
Бессмертны все. Бессмертно все. Не надо
Бояться смерти ни в семнадцать лет,
Ни в семьдесят.

Як Гасподзь распарадзіцца, так таму і быць. На ўсё Яго добрая воля. Пры гэтым трэба нікога не правакаваць. Калі трэба памыць рукі — памыць рукі, трэба маску надзець — маску надзець. А ўвогуле гэта ўсё адно што змагацца з прыродай. Перамагчы яе! Пакарыць прыроду, як кажуць. Прырода, яна — твая маці, як ты яе можаш пакарыць? Яна і без нас прыродай будзе.

Была ў мяне размова з адным рэжысёрам. Ен казаў, што трэба сцэнар пра каранавірус напісаць. Я засмяяўся. Трэба пісаць не пра тое, што адбываецца на вуліцы. Халоднае лета. Што, гэта тэма для твора?

У кожнага чалавека пандэмія адбываецца кожнае імгненне. Рабіць на гэтым акцэнт нейкі? Трэба жыць, трэба жыць. Такі падыход — гэта не абыякавасць. Гэта, можа, самае галоўнае.

Аляксей Дудараў
Алексей Дударев драматург
Аляксей Дудараў
Фота народнага мастака Беларусі Івана Міско

Вы нарадзіліся ў Дубровенскім раёне, у вёсцы, але большую частку жыцця пражылі ў горадзе. А зараз сябе якім чалавекам адчуваеце?

Дай Бог, каб адчуваць сябе чалавекам, а гарадскім, пасялковым ці вясковым — не істотна. Вёска, і Дубровеншчына, і маё дзяцінства — яно ўнутры. На радзіму ўжо не цягне, таму што яе няма, яна сышла. Але рэчка Раса́сінка, якая з твора ў твор пераходзіць, якая ў нашай вёсцы пачынаецца і у якой мы купаліся ўсё лета. Крутая гара, дзе мы гулялі ў «вайну» пасля вайны. Сонца, завеі, думкі. Яны ўва мне жывуць і заўсёды будуць жыць. Аднак рэч не ў тым, што я не хачу туды некага пускаць, рэч у тым, што гэта толькі маё. У маіх сябрукоў і аднакашнікаў гэта ўсё іншае: і сонца, і крутая гара, і Раса́сінка, і наш лес, дзе мы праводзілі большасць часу свайго жыцця дзіцячага.

«НЕ СМЕЙСЯ, КАЛІ ПЛАЧА ВОРАГ ТВОЙ…»
Дубровенскі раён, Віцебшчына
Фота Наталлі (@si__natali

Вы заняліся гістарычным жанрам у 1990-я гады. Гэта звязана з агульным пад’ёмам нацыянальнага руху?

Вядома, і гэта таксама. Нас вучылі, што была грамадзянская вайна, крыўдзілі нашых паэтаў вялікіх пры царызме. Рэвалюцыя, Вялікая Айчынная… Далей нікому нецікава было зазіраць. Калі я пачаў зазіраць па-сапраўднаму ў нашу гісторыю, зразумеў, што яна нічым не розніцца ад таго, што апісаў вялікі Шэкспір. Наша Сярэднявечча нічым не розніцца ад Сярэднявечча французскага, нямецкага. Тут было тое ж самае. Нам нашу гісторыю вывучаць трэба, сапраўды, па рукапісах, па дакументах, па тым, што было.

Гісторыю трэба ведаць, гісторыю трэба паэтызаваць.

І дзякуй Богу, што намаганнямі маімі, тэатра Янкі Купалы, Вялікага тэатра оперы і балета на сцэне з’явіліся Вітаўт, Ягайла, Барбара Радзівіл… Яны можа не такімі былі, хто ж ведае, але зараз яны ў нашай свядомасці ёсць. Мой сябар прыйшоў на спектакль «Князь Вітаўт» са сваім сынам-падлеткам. Паглядзелі, выйшлі: «Вось якія мы аказваецца былі!» Гэта не пра тое, былі мы лепшыя ці горшыя. Мы былі! Гэта самае галоўнае.

Дубровенский район Витебская область
Дубровенскі раён Віцебская вобласць
Дубровенскі раён, Віцебшчына
Фота Цімур Кабуш @timur_kabush

Ці хацелі б Вы сустрэцца з Шэкспірам і што запыталі б у яго?

Не, сустрэцца не хацеў бы. Усё вялікі Вільям напісаў у сваіх творах. Чытай іх — толькі і ўсяго. А якога ён росту быў і што больш падабаў: квас ці піва. Мяне гэта не цікавіць. Гэта адносіцца і да нашых Коласа і Купалы.

Грамадства стварае, гадуе вялікага драматурга (мастака)? Ці драматург (мастак) з’яўляецца як апазіцыя грамадству і перабудоўвае грамадства пад сябе?

Ды не! Якім жа будаўніком трэба быць! Як грамадства можа стварыць умовы, каб такі нарадзіўся! Іншая справа, што з’яўляецца чалавек, які, зазірнуўшы ў сябе, бачыць грамадства. Леў Мікалаевіч Талстой, здаецца, сказаў: «Вайна пачынаецца не тады, калі з’яўляецца Напалеон і вядзе людзей на вайну, а тады, калі мільёны людзей захочуць гэтай вайны, тады з’яўляецца Напалеон і вядзе іх на гэтую вайну».

Калі грамадства захоча сябе зведаць, з’явіцца мастак, які грамадству гэта пакажа. З’явіцца з гэтага грамадства.

Калі прыйшло асэнсаванне, што вы драматург?

Мабыць, калі пачаў чытаць. Мне нецікава было апісальніцтва, цікавілі дыялогі, размовы людзей. Таму што за нашымі словамі часта стаіць больш, значна больш. Падыдзе да вакна звычайны чалавек. Паглядзіць за вакно і скажа: «Дождж пайшоў». З’ява прыроды. Калі той жа выраз напіша драматург ці літаратар, за гэтым будзе ой як багата стаяць! А словы тыя ж.

Вы неяк казалі, што цярпенне і цярплівасць — асноўныя рысы беларускага характару. Апошнія гады не змянілі гэтыя рысы?

Менталітэт — гэта не сарочка, якую можна сёння апрануць жоўтай, а заўтра зялёнай. Тое, што я адчуваў і адчуваю, — гэта не змянілася.

Але ж нейкія змены вы назіраеце ў грамадстве?

Канечне! Змяняюцца пакаленні, змяняюцца каштоўнасці. Але не заўсёды яны змяняюцца ў лепшы бок.

Да тэмы змены каштоўнасцяў. Хацеў запытацца пра свята, якое вы называеце наўпрост «Перамога», — 9 мая. Ці змяніўся сэнс гэтага свята асабіста для вас?

Не змяніўся і не зменіцца.

А ў грамадстве?

У грамадстве таксама не зменіцца. Памылка была ідэолагаў яшчэ камуністычных у тым, што яны з усяго хацелі зрабіць плакат. Калі мы, старэйшае пакаленне, яшчэ гэта прымалі і пераварвалі, то маладыя гэта не прымуць. А праўду прымуць. Маладыя стараюцца не хлусіць, таму што гэта шлях у нікуды. І гісторыя гэта даказала не адзін раз.

Хлусня ў мастацтве і пошласць у мастацтве супадаюць?

Адно і тое ж. Мастацтва ўвогуле — гэта ўсё казка, прыдумка. Але… казка, сапраўдная, яна на праўдзе замешана. Некалі ў Маскве адна знаёмая падышла да мяне і сказала:

– Я табе дастала білет на «Голую піянерку».
– Я не пайду!
– А, ты заняты…
– Я не заняты, я проста не пайду.
– Чаму? Гэта такі спектакль!
– Я веру Уладзіміру Абрамавічу Этушу — геніяльнаму артысту і франтавіку. Ён сказаў, што гэта мярзота. Чаму я павінен хадзіць на мярзоту?

У чым там рэч. Дзяўчынка прасілася на фронт, радзіму абараняць. А яе адправілі ў прыфрантавую паласу сексуальна задавальняць… Гэта няпраўда! Калі гэта няпраўда, гэта пошласць.

Я, калі перакладаў Шэкспіра, адной сваёй думкай, маёй, не Шэкспіра, ганаруся:

«Гэта мне навука, не смейся, калі плача вораг твой».

Вось гэта праўда. У гэтым вялікі сэнс. Не таму, што я такі таленавіты ці разумны. Калі некаму балюча і ты не можаш дапамагчы, дык хаця б не смейся. Суперажыванне — гэта дар Боскі.

Вы так добра сказалі пра высокія чалавечыя якасці. На днях я пераглядзеў Зою Багуслаўскую ў «Лініі жыцця». Яна казала, што для яе мужа, Вазнясенскага, і для іншых геніяльных творцаў часам творчасць стаяла вышэй за мараль.

Знаёмы я з Зояй Багуслаўскай, з Андрэем мы таксама перасякаліся. Аднак пагадзіцца не магу. Ёсць такое правіла: «Пішы, як жывеш, і жыві, як пішаш». Калі ты лічыш, што ты геній і табе можна нешта большае, чым іншым, значыць, ты не геній.

Апраўдання граху не бывае. Бывае толькі ў адным выпадку, калі чалавек сам асудзіць сябе за яго, па-сапраўднаму асудзіць. Гэта і ёсць апраўданне. Першым, хто ўвайшоў у рай пасля Хрыста, быў разбойнік. Таму што асудзіў сябе, зразумеў. Канечне, ён будзе мець дараванне. За што ж чалавека мучыць?

А што тады свабода творчасці?

Што такое ўвогуле свабода? Табе можна ўсё. А калі ўсім можна ўсё, кожнаму можна ўсё? Там, дзе няма Бога, — няма свабоды. Вось і ўсё. Як ні стаўся да таго ж Дастаеўскага. Дарэчы, гэта не мой пісьменнік. Аднак у яго ёсць Бог і праўда і мы, грэшныя.

А Чэхаў ваш пісьменнік?

Чэхаў — мой любімы пісьменнік. Ён не палохаў, а паказваў нам, якія мы людзі. Ен быў не маралізатар, не філосаф. Проста паказваў жыццё, якое яно ёсць. А яно і смешнае і сумнае, і халоднае і цёплае.

Вы пісалі вершы?

І зараз пішу.

Не лічыце сабе паэтам?

Не, ні ў якім выпадку! Гэта такі літаратурны сцёб, эпіграмы. Да ўсяго трэба ставіцца сур’езна. Трэба займацца сваёй справай. Мая справа — драматургія. А гэта ўжо… Калі пастарацца, я магу і карціну намаляваць, але ж які я мастак?

Вы не любіце азірацца назад. Ці ўсё ж не задумваліся пра напісанне мемуараў?

Не. Мне яны самому не цікавыя. Калі пішаш мемуары, хочаш ты не хочаш — сябе выставіш. Гэта аб’ектыўна.

Таму, калі мне прапануюць нейкія ўспаміны пісаць, я стараюся ці гэта зрабіць неяк арыгінальна, ці спасылаюся на ляноту. Хаця, можа, гэта лянота і ёсць папраўдзе.

Вы кажаце, што вы лянівы чалавек. Вам не падаецца, што гэтая лянота — проста адгаворка, каб не згаджацца з думкай, што вы шмат працуеце і таленавіты чалавек?

Можа, у гэтым нейкая думка, праўда і ісціна ёсць. Мабыць. Аднак я лянівы чалавек. І лічу, што нармальны чалавек павінен быць лянівым.

Калі і як вы прыйшлі да Бога?

Сказаць, што я да Яго прыйшоў, гэта ўжо гучна. Я на гэтую тэму не люблю размаўляць. Зноў працытую Дастаеўскага: «Калі няма Бога, значыць, можна ўсё». Атэізм — гэта духоўнае калецтва.

Я дрэнны вернік, я толькі, можа, імкнуся. Ва ўсякім выпадку, ніхто мяне за вуха на калені перад іконай не ставіў і не паставіў бы. Гэта, хутчэй за ўсё разважанне, успрыняцце свету, калі пачаў займацца творчасцю па-сапраўднаму. Нават сапраўднае мастацтва — гэта не храм, але, можа, прыступка да храма.