Моцны — интернет-портал > Отдыхает > Самостоятельные путешествия > ГАЙД “СЭРЦА ДАМЕЙКІ”

 

ГАЙД “СЭРЦА ДАМЕЙКІ”

Прадстаўляем аўтарскі гайд для самастойных падарожжаў па Беларусі да 220-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі.

"Сэрца Дамейкі", вокладка гайда для самастойных падарожжаў

31 жніўня 1802 г. нарадзіўся Ігнат Дамейка — даследчык, асветнік, мемуарыст. Такія людзі гонар і слава Беларусі. Здаецца, мы ўсё пра яго ведаем. Ці ўсё?

Калі ёсць сумневы, выпраўляйцеся ў падарожжа разам з аўтарамі гайда. Яно распачнецца на чыгуначнай станцыі, дзе 82-гадовы навуковец пасля больш чым паўстагоддзя выгнання ступіў на родную зямлю. Вы не застаняцеся на гэтым шляху адзінокімі, бо сцежкамі свайго дзяцінства і юнацтва Вас правядзе сам Ігнат, а ствараць цудоўны настрой будзе Тая, каму ён падарыў сваё сэрца — беларуская прырода.

Што такое аўтарскі гайд?

Ігнат Дамейка ў маладыя гады
Ігнат Дамейка ў маладыя гады

Аўтары распрацоўваюць маршрут, тлумачаць, чаму абралі менавіта яго, раскрываюць свой погляд на гістарычнае мінулае населенных пунктаў, дзеляцца думкамі па самых розных пытаннях.

Хто аўтары?

Туганавіцкі парк
Туганавіцкі парк

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт СВЯТЛАНА ЛУГАЎЦОВА — спецыяліст па гісторыя шляхты Беларусі XIX стагоддзя, аўтар публікацый па гісторыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, таемных таварыстваў першай паловы XIX ст., дваранскага самакіравання, рэалізацыі расійскай палітыкі “разбору шляхты”, дэмаграфічных даследаванняў.

Выпускніца гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ЮЛІЯ УЛАДЗІМІРСКАЯ. Падчас працы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі распачала ўласныя даследаванні па гісторыі беларускай фатаграфіі.

Дарожныя нататкі “Сэрца Дамейкі” маюць цалкам навуковы змест, які ўпакаваны ў легкі расказ пра наша мінулае.

Возера Свіцязь
Возера Свіцязь

Пра што гутарка?

Прапануецца маршрут па слядах успамінаў Ігната Дамейкі

Гародзей – Мір – Вялікая Мядзвядка – Карчова – Ясянец – Гарадзішча – Свіцязь – Косічы – Жыбартоўшчына – Дзятлава – Дварэц – Сачыўкі (180 км).

Падчас падарожжа:

Паразважаем пра месца нараджэння і хрышчэння Ігната Дамейкі, пра тое, чаму захаваліся супярэчлівыя звесткі па гэтым пытанням.

Разбярэмся, дзе пахаваны бацька героя. Даведаемся, дзе выраблялі лепшыя ў часы Дамейкі сыры, а таксама, дзе набыць якасныя сыры сёння.

Знойдзем камень філарэтаў і «альтанку» Адама Міцкевіча.

Пагуляем па кіпячай вадзе, вып’ем жывую і возьмем дадому мёртвую.

ГАЙД “СЭРЦА ДАМЕЙКІ”
Свіцязянка

Пазнаёмімся з мясцовым Атэла XIX ст. і даведаемся, хто з магнатаў пісаў вершы на беларускай мове.

Забярэмся на месца, дзе магчыма каранаваўся Міндоўг, і гэта не Наваградак.

Знойдзем лепшае месца для начлегу на беразе Свіцязі, каб ноччу сустрэцца з міфічнымі істотамі з балад А. Міцкевіча, Т. Зана і Я.Чачота.

Даведаемся, чаму аўтаркі збеглі з Дзятлава і надоўга затрымаліся ў Дварцы.

Спынімся, нарэшце, у месцы, дзе, здаецца, ніхто не ведае, што ў свеце існуюць эканамічныя крызісы і войны.

Паглядзім, сучасным позіркам на мясціны, якія Ігнат Дамейка наведаў падчас свайго падарожжа 1884 г., і знойдзем новыя фарбы ў каханні да роднага краю ў яго ўспамінах:

Што ж цябе турбуе, чаму ты не можаш уседзець на месцы… Турбуе, не дае спакою думка: я пазбаўлены Той, пра Якую Скарга гаворыць, што як у цябе Яе забяруць, ніхто не дасць табе такой другой, як Яна, і лепшай; без Яе супакой — хімера, багацце — убогасць, пашана — нішто, нават праца бясплённая.

ГАЙД “СЭРЦА ДАМЕЙКІ”
Ля Карчова

Дарожныя нататкі «Сэрца Дамейкі» — ваш праважаты ў свет самастойных вандровак па Беларусі. Гэта гатовы маршрут, па якім можна выправіцца ў РЭАЛЬНАЕ ЦІ ВІРТУАЛЬНАЕ ПАДАРОЖЖА.

Галоўнае ў кожнай вандроўцы — сустрэчы з людзьмі, стваральнікамі нашага мінулага і сучаснага. Яны жылі і жывуць на беларускай зямлі, любоў да якой вымалёўвае ў іх лёсах самыя нечаканыя ўзоры. Чым глыбей мы ведаем нашу гісторыю, тым больш спазнаём сябе, набліжаемся да адказаў на спрадвечныя пытанні: Адкуль мы? Хто мы? Куды ідзем?

У гайдзе 76 старонак тэксту. Электронны варыянт набыць можна ТУТ.