Моцны - интернет-портал > Отдыхает > Самостоятельные путешествия > ПАД НЕБАМ РУШЧЫЦА (1/2)

 

ПАД НЕБАМ РУШЧЫЦА (1/2)

Аўтар: Аляксей Ластоўскі / facebook.com/aliaksei.lastouski
Фота аўтара

Распавядаем пра вандроўку: Валожын – Вішнева – Багданава – Вялае.
Раім, што паглядзець і пра каго ўспомніць.

Валожын

Касцёл святога Іосіфа. Валожын.
Касцёл Святога Іосіфа

Касцёл святога Іосіфа

Пабудаваны касцёл ў 1806–1815 гадах па ўзору віленскага кафедральнага сабора. Свой погляд на гісторыю касцёла распавёў ТУТ.

Пабудаваў яго валожынскі граф Іосіф Тышкевіч. Шыкоўнае надмагілле яму унутры касцёла знішчылі яшчэ ў 1864 годзе, калі будынак перадалі праваслаўнай царкве.

Касцёл святога Іосіфа. Валожын.
Касцёл Святога Іосіфа

Пацярпела моцна і радавая крыпта Тышкевічаў, дзе былі пахаваныя ўласнікі Валожына Іосіф і Міхал са сваімі роднымі, у савецкія часы касцёл перарабілі ў філіял прамысловага завода, а ў крыпту скідвалі смецце.

Касцёл святога Іосіфа. Валожын.
Касцёл Святога Іосіфа

Ад былых інтэр’ераў застаўся толькі алтарны абраз святога Іосіфа, які ўратаваў адзін з мясцовых жыхароў. Арган перавезлі ў Мінск, нядаўна яго аднавілі на грошы Ю. Зісера, і з сакавіка гэтага года ён грае ў канцэртнай залі “Верхні горад”.

Радавая крыпта Тышкевічаў. Валожын.
Радавая крыпта Тышкевічаў

Раней да касцёла належыла і капліца на гарадскіх могілках, але яе перадалі праваслаўным, якія на радасцях наляпілі на яе “залатыя купала”.

ПАД НЕБАМ РУШЧЫЦА (1/2)
Кажуць, у гэтым доме ля касцёла жыў ксёндз Антоні Удальскі, які быў расстраляны нацыстамі ў 1943 г. за дапамогу мясцовым габрэям

Іешыва

Знакамітая іешыва была адчынена ў 1803 годзе Хаімам Валожынскім як аналаг акадэміі для вывучэння Талмуда. Мясцовая іешыва стала “маці ўсіх іешыў”, эпіцэнтрам літвацкага фундаменталізму, які мусіў супрацьстаяць лібералізму хаскалы і містыцызму хасідзіма. У ХІХ стагоддзі іешывай кіравалі легендарныя равіны (Хаім Валожынскі, Іегуда Берлін, Хаім Салавейчык).

Іешыва. Валожын.
Іешыва

На той час гэта быў самы прызнаны і аўтарытэтны цэнтр талкавання Талмуда, студэнты збіраліся не толькі з абсягаў Расійскай імперыі, але і з далёкіх краін свету. Валожын стаў “Рымам літоўскіх жыдоў”. У 1893 годзе расійскія ўлады зачынілі іешыву (кажуць, што пад ціскам свецкіх габрэяў), з-за адмовы ўводзіць расійскую мову і іншыя свецкія прадметы ў сваю праграму.

Здаецца, унутры зрабілі невялікую экспазіцыю, але папасці ўнутр не атрымалася. Вітаюцца арганізаваныя групы замежных габрэяў, простым смяротных туды доступу няма.

Палацавы комплекс Тышкевічаў

Палац Тышкевічаў. Валожын.
Падпольны здымак палаца Тышкевічаў.
З-за забору відаць і галава чугуннага каня

У Валожыне захаваўся да нашага часу ў вельмі добрым стане і палацавы комплекс Тышкевічаў, пабудаваны ў стылі класіцызму архітэктарам Аўгустынам Касакоўскім. Год завяршэння будаўніцтва — 1806. Валожын тады якраз набыў у Чартарыскіх граф Іосіф Тышкевіч, і да сярэдзіны ХІХ стагоддзя тут была галоўная сядзіба гэтай галіны роду Тышкевічаў. Але з набыццём Палангі і Біржаў Валожын змяшчаецца зусім на перыферыю іх вялізных уладанняў і рэзідэнцыя паступова ператвараецца ў звычайны палац для паляванняў, і з цягам часу занепадае.

Былы будынак стараства. Валожын.
Былы будынак стараства, зараз тут рэдакцыя мясцовай газеты. А раней была аранжэрэя, дзе на продаж вырошчвалі ананасы і персікі

У 1920-я гады Тышкевічы прадалі палац і афіцыну польскай дзяржаве. Будынкі былі адноўлены для кіраўніцтва валожынскага палка Корпуса Аховы Пагранічча. Палацавую аранжэрэю разабралі, на яе месцы ўзвялі будынак стараства.

ПАД НЕБАМ РУШЧЫЦА (1/2)
Мясцовыя міліцыянты заселі ў палацавай афіцыне

Зараз гэты комплекс у дзіўным стане. З аднаго боку, добра захаваўся. З іншага боку, у палацы зараз месціцца вайсковая разведка, і яго нават фатаграфаваць здалёк забаронена. У афіцыне прытуліліся міліцыянты, і гасцям яны таксама не рады. Таму турыстаў ад палацу гоняць з усіх сілаў, і сітуацыя не дужа прыемная.

Таксама на тэрыторыі вайсковай базы застаўся чугунны конь з ХІХ стагоддзя, які быў створаны для рэкламы конегадоўлі Тышкевічаў. Мясцовыя жыхары спрабавалі адбіць гэтага каня ў вайскоўцаў — але без выніку.

Царква святых Канстанціна і Алены

Царква Святых Канстанціна і Алены. Валожын.
Царква Святых Канстанціна і Алены

Новую праваслаўную царкву ў Валожыне пачалі будаваць яшчэ ў 1855 годзе, але будаўніцтва зацягнулася. Дабудавалі на грошы валожынскага графа Яна Тышкевіча, бо ў каталікоў адабралі касцёл святога Іосіфа, і быў спадзеў, што па завяршэннні будаўніцтва новай царквы касцёл вернуць. Дарэмны быў спадзеў.

Па архітэктуры драўляная валожынская царква выгодна адрозніваецца ад тыповых “мураўёвак”, якімі тады якраз пачалі бамбіць нашыя землі. Тут таксама выкарыстоўваецца псеўдарускі стыль, але ёсць і адсылкі да мясцовых архітэктурных традыцый. Так, у аснову плана пакладзены лацінскі крыж, што было характэрна для тутэйшага барока.

ПАД НЕБАМ РУШЧЫЦА (1/2)
Царква Святых Канстанціна і Алены

Для Беларусі вельмі рэдкая з’ява, але царква заўжды працавала, таму захавалася шмат арыгінальнага дэкору і іконаў. Са старых іконаў — абраз святых Віленскіх пакутнікаў, а мы якраз патрапілі ў царкву 28 красавіка ў іх свята.

Працяг ТУТ.