Моцны - интернет-портал > Отдыхает > Самостоятельные путешествия > НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ

 

НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ

Аўтар: Юрась Тамковіч
Тэкст публікуецца ў аўтарскай рэдакцыі

НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ
Крыніца: historyrussia.org

Звычайна, калі гаворка ідзе пра адпачынак у Расіі, беларусы едуць у двух напрамках: Пецярбург і Масква. Пры гэтым, едучы ў паўночным кірунку, забываюць, што акрамя горада Пятра і шматлікіх рэзідэнцыяў царскай сям’і, у гэтым рэгіёне ёсць такія цікавыя мясціны як Ноўгарад, Ізборск, Пушкінскія горы, Пскоў. Менавіта пра Пскоў і пойдзе гаворка.

Гэты горад знаходзіцца ў 500 км ад Мінска. Калісьці ён быў адным з самых магутных гарадоў Старажытнай Русі і Маскоўскай дзяржавы, аднак пасля пабудовы царом Пятром новай сталіцы Расіі ягонае значэнне пачало змяншацца. Цяпер гэта звычайны абласны цэнтр з двума сотнямі тысяч жыхароў.

Адкуль пайшла назва

Пскоў стаіць на зліцці рэк Вялікай і Псковы. Адкуль пайшла назва ракі, а пасля і горада дакладна невядома. Хтосьці гаворыць, што ад слова “плес”, іншыя выводзяць назву ад “пяска”. Ёсць прыбалтыйска-фінская версія ад слова piskava (па-ліўску), piskva, pihkva (па-эстонску), што абазначае “смалістую ваду”. Дарэчы, саміх пскавічоў, акрамя ўсім вядомай саманазвы, называюць скабарамі.

НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ
Фота аўтара

Адкуль паходзіць гэты тэрмін? Некаторыя гавораць, што адбыўся паступовы пераход ад слова “пскоўскі” да назвы “скабарь” шляхам замены асобных гукаў і частак слова, шмат у чым дзякуючы спецыфіцы пскоўскіх гаворак. Выглядае гэта прыблізна так: “пскоўскі-пскопскі-скопскі-скобскі”. Па другой версіі, імператар Пётр назваў жыхароў горада скабарамі пасля таго, як не змог разагнуць падкову, зробленную мясцовымі кавалямі, хоць звычайныя падковы ён гнуў лёгка.

З чаго турысту пачаць агляд горада

Вядома, першы будынак, які пабачыць турыст у Пскове гэта вакзал. Калі вы паедзеце па-багатаму, то гэта чыгуначны, а калі больш бюджэтна, то аўтобусны. Абодва знаходзяцца недалёк адзін ад аднаго.

У поўгадзіне хады ад вакзалаў цягнецца вуліца Кузнецкая. Раю наведаць шэраг паркаў, якія вузкай паласой раскінуліся ўздоўж гэтай вуліцы з аднаго боку і крэпасной сцяны з іншага.

Пачаць агляд можна з Пакроўскай вежы — адной з самых буйных вежаў у Еўропе, вышынёй у 52 метры.

Ля яе знаходзіцца пралом Баторыя ў сцяне. Пралом гэта “спадчына” абароны Пскова падчас Інфлянцкай вайны ў другой палове XVI стагоддзя. Вайна з Масквой была непаспяховай і разбуральнай для Вялікага Княства Літоўскага, аднак пасля прыходу новага польскага караля і вялікага князя Стэфана Баторыя армія Рэчы Паспалітай выгнала маскавітаў са сваёй тэрыторыі і перайшла ў наступ. У 1581 годзе быў абкладзены Пскоў. Пскавічы паўгады абараняліся ад пастаянных штурмаў, абстрэлаў і падкопаў нашых войскаў. Ніяк не даваўся гэты “крэпкі арэшак” — польска-літоўскую армію ўжо пачалі мучыць хваробы і холад, аднак у 1582 годзе была заключана мірная дамова і аблога была знята.

НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ
Фота аўтара

На памяць аб тых падзеях у 1881 годзе каля пралома ў сцяне, зробленага падчас штурму, быў усталяваны помнік. Адсюль пачынаецца Алея герояў, прысвечаная падзеямі Другой сусветнай. Звярніце ўвагу на цікавы помнік, які зроблены з 17 зенітных гармат, што быццам салютуюць у гонар вызвалення Пскова.

Далей Алея перацякае ў Батанічны сад, заснаваны яшчэ ў 1878 годзе для практычных заняткаў вучняў рэальнага вучылішча. У садзе знаходзіцца каля 1800 відаў раслін. Праз дарогу размесціўся Летні сад, які сустрэне вас помнікам Пушкіну і Арыне Радзівонаўне. І апошні пункт — гэта Сквер загінуўшых байцоў, па сутнасці мемарыяльнае месца, дзе знаходзяцца помнікі і магілы ахвяраў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Кром

Далей, уздоўж ракі Псковы можна дайсці да галоўнай славутасці горада — Пскоўскага Крома (Крамля). Людзі на тэрыторыі Крома жылі здаўна — археолагамі было знойдзена паселішча, якому некалькі тысяч год. Першапачаткова тут жылі балты і фіны, а дзесьці ў V – VI стагоддзях прыйшлі славяне, продкі крывічоў (крывічы жылі яшчэ на тэрыторыі Полаччыны і Смаленшчыны). Паселішча існавала, як бачна, з вельмі старажытных часоў, аднак афіцыйным часам заснавання горада лічыцца 903 год. Пад гэтым годам у “Аповесці мінулых гадоў” рассказваецца гісторыя знаёмства князя Ігара з княгіняй Вольгай, якая была з Пскова.

Першыя ўмацаванні на зліцці рэк з’явіліся яшчэ ў VIII стагоддзі — цяпер гэта самы цэнтр горада, тут размешчаны Кром (Крэмль) і Даўмонтаў горад (дадатковыя сцены, прыбудаваныя да Крамля ў часы князя Даўмонта).

НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ
Фота аўтара

Крэмль выклікае вялікае захапленне — буйная магутная фартэцыя з велізарнымі вежамі, на высокім замчышчы, якое стаіць над шырокай ракой. Да таго ж у цэнтры крэпасці стаіць Троіцкі сабор ХVII ст., вышынёй у 72 метры, які разам з Кромам унесены ў спіс спадчыны Юнэска. Ён ужо чацверты на гэтым месцы — першы, паводле легенды, быў збудаваны ў Х ст. Унутры храма захоўваюцца мошчы святых, у тым ліку і Даўмонта.

Пскоўскія ўмацаванні, не абмяжоўваюцца Кромам. Бо ён толькі галоўная частка крэпасці з сценамі, даўжынёй некалькі кіламетраў, што акружалі ў даўніну гандлёва-рамесніцкі пасад. У асноўным сцены і вежы (іх у крэпасці каля 20-ці) горада датуюцца ХIV – ХVI ст.

Вышэй мы ўзгадвалі князя Даўмонта (1266 – 1299). Яго запрасілі пскавічы для кіравання Пскоўскай вечавай рэспублікай у цяжкія часы. У ХIII – ХIV ст. Пскоўшчына шматкроць атакавалася войскамі нямецкіх рыцараў, якія хацелі захапіць гэтую зямлю. Літоўскі князь Даўмонт уваходзіў у бліжэйшае атачэнне князя Міндоўга, аднак праз канфлікт з ім прыняў удзел у забойстве вялікага князя і быў вымушаны ўцякаць у Пскоў. Тут ён прыняў хрысціянства, стаў Цімафеем і на працягу 33 год адбіваў напады крыжакоў. А ў XVI ст. праваслаўная царква прылічыла яго да ліку святых.

НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ
Крыніца: Інстаграм @romario.moralez

На тэрыторыі Крома можна набыць самыя розныя сувеніры, у тым ліку і антыкварыят, а недалёк ад яго знаходзіцца рэстарацыя “Піўны дом”. Там можна трохі адпачыць, перакусіць (асабліва раю “Талерку для каманіі”, у якую уваходзяць крылышкі, грэнкі, мяса і часночны соус), а калі ёсць жаданне і выпіць крафтавага піва.

Цэрквы і манастыры

Ад Крома вырушаем у цэнтр горада. Ходзячы па трохкутніку вуліца Савецкая — Кастрычніцкі праспект –— вуліца Свярдлова, вы пабачыце шмат цікавых помнікаў старыны. У першую чаргу гэта пскоўскія храмы — адна з самых унікальных частак архітэктурнай спадчыны Пскова. Яны пабеленыя, аднагаловыя, з характэрнымі званіцамі і ганкамі. У цэнтры горада іх некалькі дзясяткаў. Мясцовыя храмы адносяцца да сваеасаблівага пскоўскага архітэктурнага стыля.

У назвах багата якіх храмаў захаваліся прыстаўкі, што кажуць нам аб іх старажытным месцазнаходжанні.

Напрыклад: царква Касьмы і Даміяна з Прымосцця (калісьці недалёк стаяў мост), царква Міколы са Усохі (стаяла ля высахлага балота – усохі), царква Васілія на Горцы і іншыя.

НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ
Крыніца: Інстаграм @melanina.nat

Раю звярнуць асаблівую ўвагу на ансамль Мірожскага манастыра. Каб да яго дабрацца трэба перайсці праз р. Вялікую, таму лепш пакінуць гэты пункт вандроўкі на канец падарожжа.

У манастыры знаходзіцца Спаса-Прэабражэнскі сабор XII стагоддзя, а ў ім фрэскі грэчаскіх майстроў, якія амаль поўнасцю захаваліся.

Храмаў з такімі старажытнымі роспісамі, на тэрыторыі былой Русі можна пералічыць па пальцах.

Акрамя храмаў перажылі ліхалецці і такія помнікі гісторыі як каменныя дамы багатых пскоўскіх купцоў — пабудовы з магутнымі сценамі, вялізнымі скляпамі, маленькімі, закратаванымі жалезам вокнамі, якія ледзь ажыўляюць белыя фасады дамоў. Будынкі гэтыя падобны часам не столькі на жыллё, колькі на крэпасць.

Узорамі пскоўскіх купецкіх дамоў лічацца Прыказныя і Паганкіны палаты XVII стагоддзя.

У наш час у іх памяшканнях захоўваецца калекцыя старажытных абразоў, ювелірных вырабаў з каштоўных металаў, археалагічных знаходак. Не менш цікавая зала, прысвечанная Вялікай Айчыннай вайне — тут пабачыце артэфэкты звязаныя з пачаткам вайны, перыядам акупацыі, партызанскім і падпольным рухам, з людзьмі, якія вызвалялі Пскоўшчыну.

НА РАЦЭ ВЯЛІКАЙ
Крыніца: Інстаграм @melanina.nat

Турыст можа звярнуць увагу і на мясціны шчыльна звязаныя з камуністычным рухам. Некаторы час у горадзе жыў Ленін. У цэнтры горада, на вуліцы, названай у гонар яго, захавалася кватэра правадыра пралетарыяту (тут цяпер музей) і драўляны дом, дзе праводзілася нарада, па выніках якой была створана галоўная газета РСДРП “Іскра”.

Карацей кажучы, пра Пскоў трэба не чітаць, туды трэба ехаць:)

Так што сядайце ў цягнік і вырушайце ў старажытны горад над Псковай. Ён чакае беларускіх вандроўнікаў!