Моцны - интернет-портал > Отдыхает > Самостоятельные путешествия > ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ

 

ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ

Аўтар: Ягор Барзілаў

ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ
Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе»

Я нарадзіўся ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці і хачу расказаць вам пра месцы побач з маім горадам. Зраблю я гэта ў выглядзе экскурсіі па дарозе ў маю родную вёску. Наш шлях пройдзе праз цікавыя і значныя месцы для гісторыі нашага краю і для мяне асабіста.

І пачынаецца ён з вёскі Новая Мыш, што ляжыць на рацэ Мышанцы. Мястэчка Новая Мыш у свой час было цэнтрам і гміны, і раёна, але чыгунка у другой палове XIX ст. прайшла праз фальварк Баранавічы, і менавіта яму было наканавана стаць вялікім горадам. А Новая Мыш засталася за мяжой буйнага гарадскога жыцця. Найбольш цікавым момантам у гісторыі вёскі, на мой погляд, з’яўляецца яе сувязь з выбітным беларускім фалькларыстам і паэтам Янам Чачотам. Яго пяру належыць балада «Мышанка», у якой аўтар расказвае легенду пра ліцвіна Мышку і яго дачку-прыгажуню. Яна вельмі спадабалася рыцару, і ён вырашыў узяць яе сілай. Дзяўчына кінулася наўцёк і, пераплываючы раку, патанула. Па словах Чачота, у выніку гэтых падзей рака атрымала сваю назву, а на ёй з’явілася вёска Мыш: 

ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ
Фота аўтара

«У гонар дзяўчыны, душы яе чыстай 
Мышанкаю рэчку назвалі. 

А рыцар над тою ракой ціхаплыннай 
Паставіў мястэчка навечна 
І Мышшу назваў яго – у памяць дзяўчыны, 
Што так загубіў недарэчна» 

У гонар Яна Чачота ў Новай Мышы ўсталяваны помнік. 

Побач з вялікай вёскай Новай Мышшу ляжыць маленькая Старая Мыш, найбольш цікавым месцам якой з’яўляюцца валы замка, пабудаванага магнатам Янам Каралем Хадкевічам у другой палове XVI ст. Замак, як і сама вёска Мыш, быў спалены пасля працяглай аблогі рускімі войскамі ў гады вайны 1654 – 1667 гг. Пасля гэтай падзеі вёску адбудавалі на новым месцы. Так з’явілася Новая Мыш, але і Старая не загінула. Адпачываючы летам на лецішчы свайго сябра у Старой Мышы, не адну гадзіну я прысвяціў рэшткам замка.

Кожны раз, агледжваючы маляўнічае наваколле з вяршыні вала, я адчуваю значначць падзей, якія адбываліся на гэтым месцы ў мінулым, і, калі так можна сказаць, адначасовую шляхетную магутнасць і шматпакутнасць народа Беларусі. 

ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ
Фота аўтара

Далей на нашым шляху ляжыць адна з найбольш незвычайных і захапляльных старонак гісторыі маёй роднай зямлі.

Ці паверыце вы мне, калі я скажу, што вёска Сталовічы Баранавіцкага раёна звязана з Мальтыйскім Ордэнам? Напэўна не. Але лёс вырашыў менавіта так.

Амаль 200 гадоў у Сталовічах існавала адзіная ў ВКЛ камандорыя рыцарскага ордэна гаспітальераў. Яе заснавальнікам стаў трэці сын магната Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі» Жыгімонт Кароль, які падчас вучобы ў Італіі вырашыў уступіць у ордэн. У 1609 г. яго бацька перадаў у маёмасць ордэну Сталовічы для уладкавання камандорыі. У 1612 г. на Мальце Жыгімонт быў прысвечаны ў рыцары, а пасля смерці бацькі ў 1616 г. стаў паўнапраўным уладальнікам Сталовічаў, дзе была пабудавана капліца і, канешне, шпіталь. У 1740-х гг. на месцы капліцы выбітнымі архітэктарамі Язэпам Фантанам і Янам Глаўбіцам быў пабудаваны цудоўны храм у стылі віленскага барока.

Яшчэ адным важным фактам з айчынай гісторыі з’яўляецца бітва паміж рускімі войскамі Суворава і барскімі канфедэратамі, якая адбылася ў Сталовічах ў 1771 г. Бітва скончылася паразай канфедэратаў, якія змагаліся за незалежнасць Рэчы Паспалітай, і адначасова стала адной з найбольш значных перамог А. Суворава. 

ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ
Фота аўтара

Суседняя вёска Арабаўшчына таксама з’яўляецца важным месцам для ўсіх беларусаў. 23 траўня 1996 г. падпалкоўнік Уладзімір Карват, выконваючы вучэбны палёт на самалёце, сутыкнуўся з ўзгараннем машыны. Ён не выканаў загад катапультавацца і трагічна загінуў, адвёўшы самалёт ад населенага пункта, чым выратаваў жыццё людзей. Уладзімір Карват пасмяротна стаў першым Героем Беларусі. У вёсцы Арабаўшчына ў гонар подзвіга Карвата усталяваны помнік. Дарэчы, мой шматпавярховы дом ў Баранавічах знаходзіцца каля бульвара імя Уладзіміра Карвата. 

ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ
Фота аўтара

Поўная беларуская зямля месцаў смутку і памяці. Наступным пунктам нашага падарожжа з’яўляецца вёска Калдычэва. З 1942 па 1944 гг. у тут знаходзіўся нацысцкі канцэнтрацыйны лагер, у якім было забіта 22 тысячы чалавек розных нацыянальнасцяў. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца невялікі мемарыяльны комплекс, а ад самога лагера засталіся рэшткі толькі аднаго будынка. Атмасфера гэтага месца адпавядае жудасным падзеям мінулага. І гэта ўжо не першае месца нашага падарожжа, у якім думкі твае звязаны з тяжкім лёсам людзей Беларусі. 

Хадзем далей. Маёй радзіме яшчэ ёсць чым здзівіць і што паказаць гасцям. 

«Радзіма Літва! Як здароўе, так ты, дарагая; 
як шмат цябе трэба цаніць, толькі той спазнае: 
хто страціў цябе. Усю красу тваю бачу дзіўную 
й сягоння апісваю, бо па табе я сумую» . 

ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ
Фота аўтара

Вы, вядома, пазналі гэтыя радкі? Гэтыя словы прысвяціў сваёй радзіме вялікі беларускі і польскі паэт, публіцыст і асветнік Адам Міцкевіч. Яны пачынаюць найбуйнейшы яго твор — эпічную паэму «Пан Тадэвуш».

Няхай свае творы паэт пісаў польскай мовай, але ён заўсёды прызнаваўся ў любві да сваёй радзімы, да сваёй Літвы. І мяне поўніць пачуццё гонару ад усведамлення, што Міцкевіч пісаў так пра маю з ім агульную радзіму.

Мы завітваем у вёску Завоссе, дзе і нарадзіўся ў 1798 г. вялікі Адам Міцкевіч. Сядзіба роду Міцкевічаў была адноўлена ў традыцыях народнага дойлідства і цяпер тут размяшчаецца музей у гонар знакамітага ўраджэнца, які можна, дарэчы, назваць і музеем шляхецкага жыцця ўвогуле. Вельмі раю наведаць сядзібу, якая сёння, што цікава, з’яўляецца вельмі папулярным месцам правядзення шлюбаў. 

ПА ДАРОЗЕ Ў РОДНУЮ ВЁСКУ
Фота аўтара

Вось мы і дасягнулі мэты нашага падарожжа. Адна з суседніх Завоссю вёсак носіць назву Бартнікі. На гэтай зямлі дакладна вядома 150 гадоў, а хутчэй за ўсё і болей жылі мае продкі. На фатаздымках вы ўбачыце хату і хлеў у сёняшнія часы, а таксама маіх прадзеда і прабабулю каля хаты. Калі быў пабудаваны двор дакладна, на жаль, невядома, але мне здаецца, што калі добра пашукаць інфармацыю, звесткі абавязкова знойдуцца. Гэта і з’яўляецца маёй вялікай мэтай.

Я ведаю, што на пачатку XX ст. хата ўжо стаяла. Ёй вельмі пашанцавала, і яна перажыла ўсе трагічныя падзеі мінулага стагоддзя. У гады Першай сусветнай у нашай хаце месцаваўся ваенны шпіталь. Адно з цікавых месцаў у вёсцы гэта старыя могілкі на ўзгорку, які ўжо густа парос дрэвамі. Там шмат старых магільных пліт, надпісы на якіх ўжо не бачны, і старая разбураная капліца 1839 г. пабудовы, аб чым сведчыць надпіс на камені. Незвычайнай падзеяй для штодзённага сялянскага жыцця сталі здымкі ў вёсцы знакамітага фільма «Знак Бяды» па аповесці Васіля Быкава ў 1985 г. Фільм здымаў значны беларускі рэжысэр Міхаіл Пташук, радзіма якога знаходзіцца таксама побач з Баранавічамі. Мая мама, якая ў тыя гады была школьніцай, успамінае, як з вясковымі сябрамі яны хадзілі глядзець на здымкі, як яна бачыла момант спалення хаты і галоўную актрысу Ніну Русланаву. 

Вось такі ён, край, блізкі майму сэрцу. Я хачу пажадаць кожнаму наведаць родныя мясціны і даведацца новага і цікавага аб іх гісторыі і аб людзях, якія звязаны з гэтай зямлёй. Таму што, на мой погляд, краіна — гэта, у першую чаргу, людзі.