Моцны - интернет-портал > Отдыхает > Самостоятельные путешествия > ЛЕПШАЕ МЕСЦА БЕЛАРУСІ: МЯСТЭЧКА ВОЎПА

 

ЛЕПШАЕ МЕСЦА БЕЛАРУСІ: МЯСТЭЧКА ВОЎПА

Аўтар: Юлія Гайчук

ЛЕПШАЕ МЕСЦА БЕЛАРУСІ: МЯСТЭЧКА ВОЎПА
На вадасховішчы

Воўпа – невялікае мястэчка ў Ваўкавыскім раёне, з багатай і захапляльнай гісторыяй. Мясцовыя жыхары з гонарам клічуць сябе мяшчанамі, а паміж сабой старэйшае пакаленне часам размаўляе на беларуска-польскай трасянцы, што выглядае дастаткова незвычайна і атмасферна. На вялікі жаль, бурнае жыццё раней знакамітага населенага пункта з кожным годам усе больш становіцца ціхім і непрыкметным. 

Мне хочацца пачаць знаёмства са школы, таму што самыя цёплыя і прыемныя ўспаміны, звязаны менавіта з ёй. У нашай маленькай беларускамоўнай школе заўсёды рады вітаць гасцей (таму абавязкова заходзьце туды!). Настаўнікі ўкладваюць душу ў дзяцей, сваю працу, і гэта адчуваецца ў параўнанні з гарадскімі канвеернымі школамі. Вы патрапіце ў цудоўны гісторыка-краязнаўчы музей з багатай калекцыяй, дзе вам распавядуць пра УСЁ, што датычыцца гісторыі мястэчка, пачынаючы ад першага згадвання (1449 г.) да сенняшніх дзён. Але не буду раскрываць усе таямніцы, бо магу распавядаць гадзінамі пра Воўпу і выдатныя мясціны яе ваколіц. Раскажу толькі пра самае-самае… 

Гродзенская вобласць. Воўпа, Касцёл Святога Яна Хрысціцеля.
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Воўпа)

Славутасць мястэчка і гонар ваўпян-касцёл Святога Яна Хрысціцеля (1773 г.), самы вялікі драўляны храм Беларусі, які з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з элементамі позняга барока. Галоўны драўляны разьбяны алтар – помнік манументальна-дэкаратыўнага мастацтва XVII ст. Ён уразіць кожнага сваёй прыгажосцю і прывабіць разглядзець кожны элемент. Касцёл захаваўся ў першапачтковым стане і дзейнічае па сенняшні дзень. Безумоўна, гэта вялікая заслуга вернікаў, якія берагуць святыню і клапоцяцца аб стане будынка.  Справа ад касцёла ў 1858 г. была пабудавана вежа-званіца, дзе размешчаны вялікі звон «Ян Хрысціцель».

ЛЕПШАЕ МЕСЦА БЕЛАРУСІ: МЯСТЭЧКА ВОЎПА
У сонечны дзень

У мястэчку раней пражывала і вялікая яўрэйская абшчына, якая значна паўплывала на жыццё паселішча. У XVIII ст. была пабудавана сінагога-шэдэўр драўлянага дойлідства, якая лічылася самай прыгожай ва Усходняй Еўропе. Асабліва вылучаўся багаты ўнутраны інтэр’ер. Сінагога была знішчана, але захаваліся фотаздымкі знешняга і ўнутранага выгляду. Што цікава, у горадзе Білгарай (Польшча) створаны комплекс «Мястэчка на шляху крэсовых культур»(сучасны жылы раён стылізаваны пад яўрэўскае мястэчка), дзе была пабудавана ідэнтычная копія ваўпянскай сінагогі. 

У ваколіцах мястэчка заўсёды можна з карысцю правесці час, і кожны знойдзе нешта цікавае для сябе:

  • вандроўка па бліжэйшых вёсках (а ў кожнай з іх ёсць свая гісторыя і цікавыя месцы);
  • адпачынак на ваўпянскім вадасховішчы, дзе працуе ГЭС (летам яно карыстаецца вялікай папулярнасцю ў гараджан, таму тутэйшым часам проста не дабіцца);
  • замежныя госці аддаюць перавагу адпачынку ў санаторыі «Энергетык».
ЛЕПШАЕ МЕСЦА БЕЛАРУСІ: МЯСТЭЧКА ВОЎПА
Над родным дахам

Ёсць наделёка ад Воўпы і такія запаветныя, казачныя мясціны, пра якія мала хто ведае, але мне пашанцавала:).

Дзякуй настаўнікам мясцовай школы, якія кожныя канікулы выцягвалі нас ў паходы да Немана ці да ракі Рось. Ночу чуть трэск вогнішча, шум высокіх соснаў, моцную плынь магутнага Немана. Раніцай выпаўзці з намета да абрывістага берага, сустракаць світанак, сачыць як рыба грае і слухаць птушак, якія вітаюць новы дзень…

Але гэта бессэнсоўна апісваць, трэба гэта адчуць. Таму кідайце ўсё і абавязкова прыязджайце!

Фота аўтара