Моцны - интернет-портал > Отдыхает > Театр, кино, книги > КАТАЖЫНА БОНДА «АКУЛЯРНІК» (2015)

 

КАТАЖЫНА БОНДА «АКУЛЯРНІК» (2015)

Аўтар: Наста Карнацкая / @bookvajed

КАТАЖЫНА БОНДА «АКУЛЯРНІК» (2015)

У выдавецтве «Янушкевіч» выйшаў беларускі пераклад кнігі «Акулярнік» польскай пісьменніцы беларускага паходжання Катажыны Бонды.

Пра стопрацэнтнае беларускае паходжанне гаворыць сама аўтарка, не хаваючы каранёў.

Нарадзілася яна ў Беластоку, але дзяцінства правяла ў Гайнаўцы на Падляшшы, скончыла там беларускі ліцэй, і пра гэтую мясцовасць напісала кнігу, другі том прыгод прафайлеркі Сашы Залускай. Я неверагодна люблю паслядоўнасць ва ўсім, таму кнігі, якія ўваходзяць у цыклы, чытаю выключна па чарзе, нават калі кнігі цыкла не вельмі звязаныя між сабой і паслядоўнасць чытання не ўплывае на сюжэт. Але гэтую кнігу сапраўды можна чытаць у адрыве ад першай, бо кароткі змест папярэдніх сезонаў паступова падаецца ў пачатку «Акулярніка».

Усё, што трэба ведаць з першай кнігі: Саша Залуска — прафайлерка, займаецца складаннем партрэтаў (профіляў) злачынцаў без ведання іх асобы, выключна па месцы здарэння і абставінах. Яна амаль дакладна можа вызначыць пол, узрост, заняткі асобы і іншае.

Доўгі час яна жыла ў Лондане, але была вымушаная вярнуцца ў Польшчу. Цяпер жыве на радзіме, спрабуе працаваць і разбірацца ва ўласным жыцці. Таксама жанчына пакутуе ад алкагольнай залежнасці.

Паводле сюжэта Саша па асабістых справах едзе ў Гайнаўку на пошукі Лукаша Поляка, бацькі сваёй дачкі. Лукаш апынуўся злачынцам, а пазней быў змешчаны ў псіхіятрычную лякарню ў Гайнаўцы.

Там яго і шукае Саша. Яна спадзяецца, што хутка завершыць гэтую справу і вернецца ў Гданьск, але ў невялічкім прыгожым гарадку яе чакае мноства таямніц, якія жанчыну так проста не адпусцяць, давядзецца ўблытвацца.

Кніга наўпрост звязаная з беларусамі і нашай гісторыяй, таму варта звярнуць на яе ўвагу. Падзеі ў рамане адбываюцца ў некалькіх часавых пластах. Самы ранні час у кнізе — 1946 год і падзеі, звязаныя з бандай Рамуальда Райса, вядомага пад мянушкай «Буры».

У пасляслоўі Катажына згадвае, што ў гэтай цудоўнай мясцоваці наўрад ці калі-небудзь адбывалася такая колькасць злачынстваў, якія яна апісвае. І прызнаецца ў любові да родных мясцін. Цяпер і мне захацелася там пабываць.