Моцны - интернет-портал > Отдыхает > Это интересно > ЯК БЕЛАРУС ПА ШЭРЫНГ ХАДЗІЎ

 

ЯК БЕЛАРУС ПА ШЭРЫНГ ХАДЗІЎ

Аўтар: Валянцін Бойка
Калаж: Юлія Гайчук

Пяць хвілін рогату і адпаведна дадатковы тыдзень жыцця ад VALIANTSIN BOIKA.

Коллаж "Казак на велосипеде". Автор Юлия Гайчук.

Ледзь не здох сёння на шэрынгавым веліку.

Даўно думаў, што трэ асвоіць той модны дэвайс. Бо я ж чоткі хлопец, а не сяло неасфальціраванае. А тут трэ было па справах пільных матануцца. У метро лезці боязна, бо вірус і ўсё такое. Думаю, паеду велікам, пацешу Грэтачку Тунберг. Лупануў аплату адразу на гадзіну: ціпа фіглі нам, кабанам. Не падумаў толькі, што апошні раз на веліку рассякаў стопяцьсот гадоў таму, калі маманты дагрызлі дыназаўраў, аб’явілі ваенны камунізм і паклыпалі будаваць егіпецкія піраміды.

ЯК БЕЛАРУС ПА ШЭРЫНГ ХАДЗІЎ
Фота: @za_velo_brest

Калі я першы раз паспрабаваў асядлаць жоўтага каня, стрэчныя людзі шугануліся ўроссып, бы тыя вераб’і. Відаць, нагэтулькі хвацка я трымаўся ў сядле. Тут бы паслухаць унутраны голас ды кінуць дурное, пакуль ніхто не пацярпеў. Але ж мае ўкраінскія гены запратэставалі.

Бо мы, браття, козацького роду!
А гэта вам не кажух у трусы запраўляць.

З пятага разу такі сеў і паехаў. Не ведаю, што аказалася страшнейшым — пад’ёмы, спускі або стрэчныя пешаходы з веласіпедыстамі. Бо рукі калоцяцца, і руль гуляе, бы партовая шлёндра, якую напаілі матросы. А тут яшчэ і дарога ўгару пайшла…

ЯК БЕЛАРУС ПА ШЭРЫНГ ХАДЗІЎ
Фота: @neko_minsk

Праз паўгадзіны, калі сэрца ўжо стукалася аб кадык, я маладушна падумаў: а мо той вірус і не такі страшны? Мо лепей у метро? Бо з тым велікам яшчэ і не захварэў, а штучная вентыляцыя лёгкіх ужо капец як дарэчы была б. Я ж не ведаў, што ў мяне дыхалка 80-гадовага курца.
Затое цяпер я ведаю, чаму жоўтыя велікі часта пакідаюць у такіх карчах, што капец. Гэта не таму, што людзі прыехалі, а таму што яны культурненька запаркаваліся і папаўзлі ў кусты паміраць.

Арфаграфія і пунтуация аўтара захаваныя.